GSpay - iatp merchant account provider. Выгодная и надежная аренда серверов на ваших условиях.
беларускі
МЕДЫЧНЫ РЭСУРС

для прафесійных медыкаў
і іх пацыентаў

да галоўнай

пацыентам

студэнтам

медычнае права

медычны інтэрнэт

медычныя НДА

Асацыяцыя
Беларускіх Медыкаў

Association of Belarusian Medical Specialists

да гісторыі беларускай
медыцыны


беларуская медычная
тэрміналогія

наша рассылка

жарты:)


БЕЛАРУСКАЯ

МЕДЫЧНАЯ ТЭРМІНАЛОГІЯ


Першая перашкода на шляху да беларускамоўнай медычнай адукацыі і да выкарыстання мовы ў практычнай медыцыне - гэта адсутнасць добраўпарадкаванай і адзінай медычнай тэрміналогіі.

Новы праэкт АБМа - стварэнне слоўніка беларускіх медычных назваў.

Праца ідзе па некалькіх накірунках:
стварэнне базы дадзеных па наяўным беларускамоўным медычным выданням і палягчэнне доступу да іх;
стварэнне галіновых медычных слоўнікаў;
стварэнне вялікага ўніфікаванага медычнага слоўніка;
стварэнне ўмоў бесперашкоднага і спрыяльнага ўжывання беларускай мовы ў медыцыне

Куратары праэкта:
з боку лекараў - д-р Галабародзька Мікола m_hol@tut.by
з боку філолагаў - сп. Дзядзько Дзьмітры


Медычная літаратура

Падаем спіс знойдзеных намі беларускамоўных медычных выданняў.
Спіс ахоплівае часы ад 1918 года да цяперашняга дня.

Структура спіса:

1 Кнігі, брашуры і дапаможнікі
(144 назвы)
за 1921-80 годы MSWord 200 KB
ад 1980 году MSWord 127 KB
2 Зборнікі працаў (21 назва) MSWord 68 KB
3 Газетныя артыкулы (5 назваў) MSWord 40 KB
4 Часопісы (БМД, МД на чужыне, Асьвета) MSWord 50 KB

Велькі дзякуй Тацяне Сапезе - супрацоўніцы Нацыянальнай бібліятэкі - за дапамогу ў складзе.

Наўрадце пададзены спіс вычарпальны. Будзем удзячныя за звесткі пра іншыя выданні і іхныя месцы захоўвання, а таксама і за самыя выданні, дасланыя на адрас АБМа: asbelmed@tut.by


ТОП-7: рэйтынг існуючых медычных слоўнікаў

Складзены шляхам апытання экспертаў (8 медыкаў і 3 філолагаў). Медыкі, канешне, звярталі больш увагі на зручнасць карыстання і паўнату ахопа насамрэч неабсяжнай медычнай тэрміналогіі. Філолагі больш уважалі на навуковую дакладнасць падачы тэрмінаў і афармленне.

месца слоўнік адзнака медыкаў адзнака філолагаў
1 Стасевіч А., Варыёцкі С. Кароткі расейска-беларускі фізыялагічны слоўнік. Мн.: Тэхналогія, 1993 10 4
2 Арцішэўская Н.І., Новікава Р.А., Сілівончык Н.Н. і інш. Даведнік напісання дыягназаў асноўных захворванняў унутраных органаў на беларускай і латынскай мовах. Мн.: МДМІ, 1994 8 6
3 Nomina anatomica alborutenica. Выпускі 1-3. (Інбелкульт. Мэдычная секцыя. Аддзел першы. Серыя V. Кн. 9, 13, 20). Менск: 1-я Дзяржаўная друкарня, 1926, 27,29 8 6
4 Красільнікаў А.П., Цітоў Л.П., Казак Н.Ф. Слоўнік па агульнай і медыцынскай вірусалогіі. Мн.: Вышэйшая школа, 1995 7 6
5 Смирнова Т.А., Цисык А.З., Капитула Л.С. Акушерская терминология. Мн.: МЗ РБ, БГМУ, 2002 7 6
6 Анатоміческій словарь. Под ред. С. Ярошевіча. 6 6
7 Леанцюк А.С. Беларуская гісталагічная, эмбрыялагічная і цыталагічная наменклатура Мн.: МДМІ, 1991, 93 6 5

Ня згодныя? Дасылайце свае прапановы! asbelmed@tut.by


Медычныя назвы для агульнага абмеркавання

За доўгі час беларускасці напрацавана шмат і народных медычных назваў, і іхных навуковых адпаведнікаў - як новатвораў, так і займенняў. Якія з іх трэба пакінуць для надалейшага ўжывання ў медычнай практыцы?

Дасылайце найлепшы з пададзеных ці свой варыянт на адрас АБМ! asbelmed@tut.by

дыханне аддых'анне, д'ыханне, дых'анне,...
аборт спар'он, зран'енне, в'ыкід,...
мачавы пухір капш'ук, брул'ёвы пух'ір, сікун'ок...
ужываць лекі пажыткав'аць, карыст'аць, ужыв'аць,...
прастываць выстыг'аць, заст'уджвацца,...
бальніца ляк'арня, больн'іца, б'ольніца, шпіт'аль,...
давай болей !  


Кароткая гісторыя стварэння беларускай медычнай тэрміналогіі

Народныя медычныя назвы ў гутаркавай мове вольна існуюць і дагэтуль. Менавіта на падставе этнаграфічнага матар'ялу пачалося станаўленне беларускай навуковай медычнай тэрміналогіі. Першыя друкаваныя (а часам, нажаль, толькі рукапісныя) медычныя назвы з'явіліся ў газетных артыкулах і агульных слоўніках, складзеных А. Сержпутоўскім, Я. Станкевічам, М. Гарэцкім, М. Байковым, В. Ластоўскім, Я. Лёсікам, І. Цьвікевічам і інш.

Першы беларускамоўны падручнік у галіне медычных ведаў - "Фізыолёгія і анатомія чалавека" - прызначаўся для шкаляроў, быў перакладны з расейскай і выдаўся ў 1923 годзе Бюром па ўкладаньню і перакладах падручнікаў на беларускую мову пры Народным Сакратарыяце Асьветы Беларускае Народнае Рэспублікі (дарэчы, само Бюро стварылася яшчэ ў лютым 1918 г.). Пераклад рыхтавалі І. Цьвікевіч, В. Ластоўскі і К. Дуж-Душэўскі.

17 красавіка 1924 г. заснавалася Мэдычная сэкцыя пры Інстытуце Беларускае Культуры БССР (з 1928 г. у складзе Інстытута Навуковае Мовы Беларускай Акадэміі навук). Яна "адным з найпершых сваіх заданьняў паставіла апрацаваньне беларускае мэдычнае тэрмінолёгіі, як патрэбнае падставы ...дзеля пераходу выкладаньня па-беларуску, ...дзеля друкаваньня мэдычных кніжак, ...дзеля разьвіцьця ў беларускай мове навуковае літаратуры па мэдыцыне і біолёгіі". У склад Тэрмінолёгічной Камісіі увайшлі доктар Іван Цьвікевіч (старшыня), доктар Павал Трэмповіч (член) і студэнт-медык Павал Каравайчык (сакратар і дакладчык). Першай і адзінай пабачыла свет Nomina Anatomica Alborutenica - Анатамічныя назвы ў 3-х тамах - выдадзеная ў 1926-29 гадох. Гэта быў праэкт для надалейшага абмеркавання, аднак афіцыйна адзначалася, што "для аўтараў падручнікаў гэтая тэрмінолёгія зьяўляецца абавязковаю, покі ня зроблены будуць зьмены прынятым у БАН парадкам".

Была распачата праца над фізіялагічнай і інфекцыйнай тэрміналогіямі, але яна не была скончана, рукапісы захоўваюцца зараз у Нацыянальным Архіве Рэспублікі Беларусь.

У часы беларускай нацыянальнай адлігі 20-30-х гадоў выходзіла параўнальна шмат беларускамоўнай медычнай літаратуры. Чытаючы яе зараз, мімаволі адзначаеш высокі навуковы ўзровень і прастату выкладання, якой валодалі нашыя калегі.

Цягам 1926-34 г.г. выходзіў часопіс "Беларуская Мэдычная думка", аўтары якога зрабілі значны ўнёсак у распрацоўку медычнай тэрміналогіі, асабліва неўралагічнай (праф. М.Б. Кроль), траўматалагічнай (М.Н. Шапіра), заразлівай (праф Б.Я. Эльберт, А. Поляк) і гігіенічнай (З.К. Магілёўчык, М.І. Барсукоў, С.Р. Дзіхцяр).

Выдаваліся кнігі па шматлікіх накірунках практычнай медыцыны: па акушэрству і гінекалогіі, хірургіі, тэрапіі; выходзілі беларускамоўныя зборнікі прац, нарматыўныя дакументы і інструкцыі (глядзі вышэй). Выдавецкіх планаў зрэшты было нашмат болей, але зрэалізаваць тое ўжо не выпала.

Разам з тым заклапочаныя людзі канешне засталіся, і нават падчас фашыстоўскай акупацыі выкладчыкі створанага Магілёўскага навукова-медычнага інстытута здолелі дамагчыся дазволу на пераклад аднаго падручніка на "беларутэнскую" мову.

Пасля II Сусветнай вайны праца над медычнай тэрміналогіяй вялася як у Савецкай Беларусі, так і за яе межамі (часопіс аб'яднання беларускіх лекараў на чужыне "Мэдычная думка"). Выдаваемыя за Саветамі ў пасляваенныя гады слоўнікі стараліся "пазбягаць выкарыстання састарэлых і малаўжывальных слоў" і не хавалі сваёй прывязкі да расейскай тэрміналогіі як ва ўтварэнні новых словаў, так і ў "русіфікацыі" уласнабеларускіх - гэта ўсё добра бачна.

На хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку 90-х былі створаны слоўнікі па пэўных галінах медыцыны. Некаторыя з іх яўна кан'юнктурныя (пісаліся пад моду і якія-ніякія выдаткаваныя тады грошы), а некаторыя прадстаўляюць велькі інтарэс і зараз карыстаюцца папулярнасцю як у медыкаў, так і ў філолагаў (глядзі наш ТОП-7).

Сёння працэс складання медычных слоўнікаў і напісання падручнікаў ідзе павольна, але няспынна. Вымалёўваюцца праблемы: пакідае жадаць лепшага якасць значнай часткі слоўнікаў, ёсць толькі адзінкавыя прыклады супрацоўніцтва лекараў і філолагаў пры іх напісанні, няма грунтоўных абагульняючых працаў, не вядзецца актыўнай работы з аўдыторыяй патэнцыяльных спажыўцоў.

 


This web page is hosted free of charge through the Internet Access and Training Program (IATP). IATP is a project funded by the US Department of State, Bureau of Educational & Cultural Affairs, and implemented within the framework of the UNDP"Internet-2" project.

беларускі
МЕДЫЧНЫ РЭСУРС

для прафесійных медыкаў
і іх пацыентаў

© АСАЦЫЯЦЫЯ
БЕЛАРУСКІХ МЕДЫКАЎ
asbelmed@tut.by

стваральнікі сайта